УРАЧЭ́БНАЯ ТА́ЙНА,

сукупнасць звестак аб хваробе, вядомых мед. і фармацэўтычным работнікам пры выкананні імі службовых абавязкаў і не падлеглых выдаванню. Захаванне У.т. дыктуецца беражлівымі адносінамі да гонару і годнасці чалавека. Звязана з урачэбнай этыкай. Уключае інфармацыю аб факце звароту грамадзяніна па мед. дапамогу, стане яго здароўя, дыягназе захворвання, выніках даследавання і лячэння; звесткі асабістага характару, атрыманыя пры абследаванні і лячэнні, а ў выпадку смерці — аб выніках патолагаанат. ўскрыцця. У.т. ахоўваецца Законам Беларусі «Аб ахове здароўя» (11.2.2002). Аднак без згоды пацыента звесткі аб хваробе паведамляюцца дзярж. органам пры пагрозе распаўсюджвання інфекц. захворванняў, атручэнняў; па запыце органаў дазнання, пракуратуры, суда; у выпадку аказання мед. дапамогі непаўналетняму і інш.

Э.​А.​Вальчук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)